«ЖО́ЎТЫХ ПАВЯ́ЗАК» ПАЎСТА́ННЕ,

сялянскае паўстанне ў Стараж. Кітаі ў 184—204. Назва ад жоўтых павязак, якія паўстанцы насілі на галаве. Адзін з кіраўнікоў паўстання — Чжан Цзяо, ураджэнец Цзюйлу (прав. Хэбэй), які на працягу 10 гадоў аб’ядноўваў сялян на аснове прапаганды містычнага даоскага вучэння «пра шлях вялікай роўнасці». Паўстанцы былі арганізаваны ў 36 вял. (больш за 10 тыс. чал.) і малых (па 6—7 тыс. чал.) атрадаў (фан). Супраць іх выступілі войскі імператара і буйных землеўладальнікаў, якія ліквідавалі паўстанне; Чжан Цзяо загінуў. У хуткім часе ў прав. Хэбэй зноў паўсталі сяляне, якія ўтварылі «Армію чорных гор» (больш за 1 млн. чал.). Пазней паўстанне канчаткова ліквідавана сіламі военачальнікаў Юань Шао, Цао Цао і інш.

Літ.:

Очерки истории Китая: С древности до «опиумных войн»: Пер. с кит. М., 1959.

Дз.М.Чаркасаў.

т. 6, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)